М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старты выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа Ліпень 2002 г.
Свята Саракі
Метадычная напрацоўка для правядзення свята
Задачы: прывіваць дзецям цікавасць да народных традыцый; развіваць этнаграфічную культуру вучняў і бацькоў.
Падрыхтоўчая работа. Настаўнік загадзя просіць бацькоў дапамагчы правесці з дзецьмі цікавае мерапрыемства, прысвечанае святу Саракоў. Вучні рыхтуюць вершы пра вясну, птушак, дазнаюцца ў старэйшых, які абрад прымеркаваны да гэтага свята.
Прыкладныя этапы калектыўнай справы:
Першы этап. "Абрад".
Клас (ці зала) святочна ўпрыгожаны. Настаўнік ва ўступнай гутарцы расказвае, што сёння многія людзі цікавяцца народнымі абрадамі, якія здаўна існавалі ў свеце. А што ж такое абрад? Слова даецца вучням і бацькам. Пасля абмеркавання педагог зачытвае ўрывак з твора Антуана дэ Сент Экзюперы "Маленькі прынц":
— Лепш прыходзіць заўсёды ў адзін і той жа час, — папрасіў Ліс.
— Трэба прытрымлівацца абрадаў.
— А што такое абрады? — спытаў Маленькі прынц.
— Гэта нешта даўно забытае, — сказаў Ліс.
— Нешта такое, ад чаго адзін які-небудзь дзень становіцца непадобным на ўсе астатнія дні, адзін час — на ўсе іншыя часы.
Настаўнік падагульняе: абрад — сукупнасць пэўных дзеянняў, якія звязаны з бытавымі традыцыямі; звычай — агульнапрынятыя, традыцыйна ўсталяваныя правілы паводзін у грамадстве.
Другі этап. "Гісторыя свята".
Дзеці разам з дарослымі расказваюць аб свяце, якое адзначаецца 22 сакавіка і носіць назву "Саракі". Настаўнік зачытвае ўрывак з кнігі "Беларускі народны каляндар" (аўтар укладальнік А. Лозка) пра гісторыю свята:
У народзе казалі, нібы на Саракі прылятае 40 "выраяў", а таксама, што гэта свята "пчальніковае" і сведчыць пра канчатковы прыход вясны. Гаварылі: "На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі"; "Святыя Саракі — ды не йдзі да ракі"; "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Для дзяцей выпякалі з цеста 40 жаваранкаў, 40 маленькіх піражкоў, у некаторых мясцовасцях гатавалі 40 варэнікаў, 40 галушак. Гушкаліся на арэлях. Згодна з павер’ямі, сарока пачынае віць сабе гняздо і прыносіць для гэтага 40 пруцікаў. Але чакалі яшчэ сорак маразоў. Нібыта тады з выраю прылятае 40 жаваранкаў. Хлопчыкі павінны да ўзыходу сонца, не памыўшыся і закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ або перакінуць цераз хату столькі ж палачак. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе сорак птушыных гнёздаў (або сорак качыных яек).
Пасля чытання настаўнік звяртаецца да бацькоў з пытаннем, ці ведаюць яны якія-небудзь прыродныя прыкметы, звязаныя з гэтым святам, і прыводзіць прыклады:
На Саракі дзень з ноччу сустракаюцца.
Калі хто небудзь з сялян убачыць у гэты дзень вырай, які ляціць, то гэта, паводле народнага падання, — знак яго будучага поспеху і шчасця ва ўсім.
Калі гусі і жоравы "ляцяць па аднаму, дык і на жыта будзе добры ўраджай, і снапы будуць такія цяжкія, што прыйдзецца насіць па аднаму; як ляцяць па два і па тры, то і жыта будзе неўмалотнае".
(3 кнігі: Беларускі народны каляндар / Аўтар укладальнік Алесь Лозка. — Мн., Полымя, 1993. — С. 68.)
Трэці этап. "Сакавіку народных выслоўях".
Настаўнік прапануе арганізаваць гульню. Клас дзеліцца на 2 — 3 групы. Кожная трупа па чарзе расказвае прымаўкі, прыказкі, павер’і, дзе б значыўся месяц сакавік. Напрыклад:
Сакавік часам снегам сее, а часам сонцам грэе.
Сакавік зялёны — ураджай благі.
Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж — пан.
У сакавіку зіма не гніе — у красавіку трава не расце.
Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы.
Сакавік дрэвам сок пускае.
Сакавік дажджом імжыць — хлеб будзе з рукавіцу.
Звяртаецца ўвага дзяцей на тое, што назва месяца сакавіка паходзіць ад слова "сок" — менавіта ў гэтую пару ствалы дрэў напаўняюцца сокам.
Чацвёрты этап. "Веснавыя забавы".
Дзеці прыгадваюць веснавыя забавы, гульні, вершы. Да гэтага яны рыхтаваліся дома. Напрыклад, зварот да птушак:
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела,
Нам хлебушак пераела.
Жавароначкі, прыляціце
I дожджыкам напаіце,
Каб травачкі парасцілі,
Каб волікаў накармілі.
У заключэнне бацькі частуюць дзяцей печывам у выглядзе жаваранкаў.
Парады арганізатарам:
1. Запрасіце на калектыўную справу бацькоў і частку работы даручыце ім: падрыхтаваць расказ пра святкаванне Саракоў, спячы ласункі і інш.
2. Не забывайце прывесці звесткі аб свяце з народнага календара; не хвалюйцеся, калі дзеці ад разу не ўспрымаюць расказ з цікавасцю: абрад мала знаёмы.
3. Падрыхтуйце ласункі — гэта тое, што дзеці, безумоўна, найбольш запомняць, адзначаючы свята Саракі.
4 Растлумачце малодшым школьнікам значэнне слоў: абрад — сукупнасць усталяваных звычаем дзеянняў, звязаных з бытавымі традыцыямі! звычай — агульнапрыняты парадак, традыцыйна ўсталяваныя правілы грамадскіх паводзін.